Растварыцца ў чароўных гуках галасоў мінулага разам з фольк-гуртам «РАДА»

23 марта 2019 в 11:40
Плюсануть
Поделиться
Отправить
Класснуть

Тыдзень таму у Магілёве адбылося незвычайнае мерапрыемства − канцэрт фольк-гурта «Рада» з танцавальным афтэрпаці. Калектыў цікавы тым, што папулярызуе аутэнтычныя мужчынскія спевы, самастойна збірае песенны матэрыял у экспедыцыях, а таксама выкарыстоўвае традыцыйныя музычныя інструменты, сярод якіх колавая ліра і дуда. Крыху больш, чым за месяц, першы, і пакуль што адзіны кліп гурта набраў 28 К праглядаў на Ютубе. Зараз гэта лічба павялічылася да 78 К. vMogileve.by таксама далучыўся да свята, прывезенага гуртам і, канешне ж, пазнаёміўся з удзельнікамі калектыва.

Пачаў гурт выступленне з той самай «Дарожкі», якая набрала дзесяткі тысяч праглядаў на Ютубе. Выконваецца гэта песня ў суправаджэнні колавай ліры, якую паводле слуцкай ліры зрабіў Алесь Лось – знакаміты беларускі майстра. Паміж выкананнем песен музыкі расказвалі пра кожную песню і з імі звязаныя цікавыя факты. Наконт ліры госці канцэрта даведаліся, что на ей звычайна гралі сляпцы, якія спявалі святыя песні. Ім дазвалялася пець нават у пост. У пост, дарэчы, канцэрт і адбыўся. Таму далей праграму працягвалі яшчэ некалькі духоўных спеваў.

Падчас выступлення артысты жартліва спыталі, ці не стаміліся слухачы. Але нехта з жанчын у захапленні крыкнуў: «Не! Такія галасы! Такія мужчыны!», − і немагчыма не згадзіцца. Харызматычныя, душэўныя, месцам таямнічыя і з пачуццём гумару артысты завалодалі ўвагай і сэрцамі слухачоў. Канцэрт сапраўды дазволіў дакрануцца да культуры продкаў і ўзгадаць паходжанне сваіх каранёў.

Дзякуй вялікі за ўражанні і канцэрт. Вы ў Магілёве ужо не ўпершыню з выступленнем, так?
Алесь: Так, у Магілёве мы ўжо выступалі. У тым годзе ў музычным каледжы перад студэнтамі.
Алег: А да гэтага, памятаеш (звяртаецца да Алеся), на ўездзе ў Магілёў, фэст «Зялёныя святкі»…
Васіль: А яшчэ мы два разы на Купалле выступалі! У Бялынічах! (музыкі смяюцца)
Мы рады, што вы прыехалі да нас ізноў. Вас запрасілі, ці вы па нас засумавалі? :)
Алесь: Нас запрасілі. Удзельнік нашага калектыва, Васіль Мардачоў, паходзіць з Бялынічаў, таму гэта ягоная Радзіма, і безумоўна, калі нас запрасілі – мы не маглі адмовіцца.
Вы ўзгадвалі падчас канцэрту песні Магілёўскай губерні, а таксама матэрыял з Краснаполля. Ці былі ў вас экспедыцыі па другіх месцах магілёўшчыны? Ці адчуваецца ў музычным матэрыяле адрозненне ад іншых рэгіёнаў і ўплыў суседства з Расіяй?
Алесь: Касцюковіцкі раён, Чавускі раён – Галавенчыцы… Не настолькі ў самім репертуры і песнях адрозніваюцца, наколькі ў мясцовых дыялектах. Яны цікавыя, своеасаблівыя, і мы стараемся развучваць і спяваць менавіта на тых дыялектах, яких запісалі. Не заўсёды, напэўна, ў нас гэта атрымліваецца − носьбіты нас адрозняць — але мы стараемся.
Алег: Але ў музычным плане таксама адрозніваюцца. Палессе – гэта, ў асноўным, шматгалоссе, а ў Магілёўшчыне больш архаічныя песні аднагалосныя. Мы былі на фэсце ў Прыбалтыцы, дзе былі эстонцы з літоўцамі, якія таксама спявалі ва ўнісон.
Алесь: Так што вы бліжэй да Еўропы! (смяецца)
Аднагалоссе вы і пакідаеце аднагалоссем, ці раскладаеце на галасы? А аранжыроўкі на дудзе ды ліры як з’яўляюцца?
Алесь: Так, аднагалоссе на галасы не раскладваем. А аранжыроўкі... мы б не назвалі гэта так. Не было такого, каб мы ўзялі песню і перарабілі яе на дуду. Наадварот, калі з дудой і спяваем – падбіраем тую песню, якая найлепш кладзецца; з якой строй дуды абсалютна гарманічны. Наша мэта – не пераробліваць, а захоўваць. Можа, ў нас гэта не атрымліваецца на 100 %, але мы стараемся як пачулі – так і выканаць. Хаця ізноў жа – песня – гэта жывы арганізм.
Наша мэта – не пераробліваць, а захоўваць

Наш знаёмы, прафесар Кіеўскай кансерваторыі, Яўген Васільевіч Еўфрэмаў, сваю доктарскую пісаў, вывучаючы, як змяняюцца некалькі песен у адной вёсцы на працягу 30 гадоў. Песня жыве. Асабліва гэта тычыцца традыцыйных спеваў. Там няма партытуры. Гэта вельмі цікавы недаследаваны пласт.

Алег: Вельмі важны момант ў традыцыйным спеве – чуць адзін аднаго. Ты павінен чуць агульны гук, каб самому гарманічна ўпісацца. Не імкненне кожнага паказаць, які ён прыгажун, а чуць і адзін аднаго, і агульную гармонію…
Алесь: Так. Не павінна быць «я». Зараз распаўсюджана тэма лідэрства. Кожны павінен быць лідэарм. Школы лідэраў, трэнінгі, семінары, я, я, я… А традыцыйныя спевы – гэта калі тваё «я» раствараецца ў агульным «мы», ствараючы супольную гармонію. Важна слухаць. Праблема сучаснага свету ў тым, што мы мала слухаем адзін аднаго. З нашага пункту гледжання, калі б мы навучыліся разам спяваць − то і справы б пайшлі па-другому.
Праблема сучаснага свету ў тым, што мы мала слухаем адзін аднаго
Падчас канцэрту вы ужо расказалі, што маеце асноўныя месцы працы, не звязаныя ніякім чынам з музыкай. І усё ж такі, гурт – гэта хобі, ці прыярытэтная форма дзейнасці асабіста для кожнага з вас?
Алесь: Безумоўна, прафесійная дзейнасць для кожнага з нас – гэта важная рэч, таму што трэба карміць свае сем’і і існаваць. Але можна сказаць, што гурт – гэта поўнавартасная частка нашага жыцця. Нас не толькі спеў звязвае, а перш за ўсё – сяброўства. Ведаючы па сваёй жонцы – дзяўчаты могуць сябраваць без нагоды. А мужчыны так уладкаваны, што нам каб сябраваць – трэба нечым займацца: хтосьці едзе на паляванне разам, хтосьці на рыбалку, а вось мы – разам спяваем. Мы блізкія людзі і не ўяўляем сябе без спеваў.
А калі б была магчмасць – вы займаліся б толькі творчасцю?
Алесь: Складана адказаць. Калі вяртацца да традыцый, то не было ж ні прафесійных спевакоў, ні прафесійных музыкаў. Традыцыйны спеў быў спосабам адпачынку людзей: мужыкі касілі, пакасіўшы селі, паснедалі ды заспявалі. Мне здаецца, калі б гэта было прафесійна – хацелася б спадабацца, хацелася б больш слухачоў.
Аўтэнтычны спеў – ён дзеля душы, некамерцыйны

Цікавілі б другія рычы: вялікія залы, збор грошаў. Для гэтага трэба падладжвацца. А каб падладзіцца – трэба мяняць. Аўтэнтычны спеў – ён дзеля душы, некамерцыйны. Шчыра кажучы, колькі мы паездзілі па свету – багатых спевакоў і музыкаў, якія займаюцца традыцыяй – не бачылі, а прафесійных – таксама вельмі мала. Больш за тое, найлепшыя ўражанні ў нас ад калектываў, якія самабытныя, непрафесійныя. Напрыклад, хор з Сардзініі. Нармальныя такія мужыкі прыехалі, якія здароваюцца з табой рукой – і па ёй відаць, што чалавек рукамі робіць і жыве на вёсцы. Таму – напэўна, адказ – не…

Раскажыце, напрыканцы, што-небудзь незвычайнае, што ўразіла вас за творчую дзейнасць.
Алесь: З кождым носьбітам, з якім мы сустрэліся − заўсёды нешта ураджвае. Ты можаш прывезці адну нейкую думку ці слова, якое табе запомніцца. Кожная экспедыцыя – гэта маленькае жыццё, праз якое можна нешта для сябе вынесці. І пераважна – гэта, канешне, сяброўскія адносіны.
«Вось вас, хлопцы, прымуць за сваіх!», – гэта, напэўна, самая вышэйшая адзнака
Алег: Калі людзі нас пачулі і разам заспявалі – ўсё, гэта нібыта ключык, які робіць нас роднымі. Нам пашчасціла пазнаёміцца са знакамітым фалькларыстам – Зінаідай Мажэйка, якой ужо, нажаль, няма… На яе думку, аутэнтычна могуць спяваць толькі тыя людзі, якія жывуць на зямлі і працуюць на вёсцы. І вось? падчас яе народзінаў, мы з хлопцамі заспявалі журбу, як раз з тых мясцін, дзе яна рабіла свае вандроўкі. Яна паслухала і казала: «Вось вас, хлопцы, прымуць за сваіх!», – гэта, напэўна, самая вышэйшая адзнака.

Вераніка Калакустава, vMogileve.by

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.

Чтобы комментировать, .